Стартавала кампанія #МАЯМОВА з заклікам абіраць беларускую мову ў Перапісе! рэпосты шчыра вітаюцца “Назаві роднай мовай беларускую ў перапісе насельніцтва-2019” Шаноўныя сябры! У кастрычніку 2019 года ў нашай краіне пройдзе чарговы перапіс насельніцтва, сярод пунктаў будуць пытанні (нумар 12 і 13) і пра вашую родную мову. Мы ведаем, што большасць з вас шануе беларускую мову і падтрымлівае пашырэнне яе ўжывання ў грамадскім жыцці. Беларуская мова – гэта неад’емная частка нашай культуры і гарантыя нашай будучыні як унікальнага народа. Вынікамі перапісу насельніцтва мы здольныя засведчыць самі сабе і ўсяму свету, што мы з’яўляемся паўнавартаснай нацыяй, годнай цікавасці і павагі з боку іншых нацый свету. Адказ "беларуская" на пытанні перапісчыкаў аб роднай мове і мове штодзённага ўжытку мае не толькі сімвалічнае, але і практычнае значэнне. Ад колькасці людзей, якія ў адказах назавуць беларускую мову, будзе залежаць далейшая палітыка дзяржавы. Адказам "беларуская" вы станоўча паўплываеце на яе. Будзем жа памятаць пра гэта, адказваючы на пытанні перапісчыкаў! Падтрымаем наш нацыянальны скарб – мову нашых продкаў, якая нас усіх аб’ядноўвае і робіць унікальнымі. Падтрымаць кампанію можна на https://molamola.by/campaigns/669 На што ідуць сродкі: - На прома-прадукцыю. Плануем выпусціць паштоўкі, стыкеры з мэтай папулярызацыі беларускай мовы; - На канцэрты і імпрэзы па папулярызацыі беларускай мовы ў рэгіёнах; - На канцэрт з мэтай папулярызацыі беларускай мовы ў Мінску; - На выданне песняў па-беларуску, якія будуць шырока разыходзіцца: ад беларускіх як маладых, так і знакамітых гуртоў і артыстаў; - На відэа-кантэнт з мэтай папулярызацыі беларускай мовы. - На падтрымку ідэй па папулярызацыі беларускай мовы. Ідэю можа прапанаваць кожны. І разам яе рэалізуем.